Запрацаваў ваенна-патрыятычны летнік "Патрыёт"
Сёлета лагеру ваенна-патрыятычнага профілю "Патрыёт" дзесяць гадоў. Дзякуючы віцебскім гвардзейцам тысячы юных гараджан "прайшлі армейскую школу", не скончыўшы яшчэ і звычайную. І многія з іх пасля звязалі свой лёс са службай у арміі, у радах МНС, у ахове парадку.
Падчас кожнай змены, а іх запланавана тры, у летніку адпачне каля 200 дзяцей, у тым ліку і тых, хто знаходзіцца на розных відах прафілактычнага ўліку, а таксама са шматдзетных і малазабяспечаных сем'яў. Усе яны займаюцца ў розных гуртках Віцебскага гарадскога цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Калі падчас доўгіх летніх канікул дзеці застаюцца ў горадзе, на працягу каля трох тыдняў яны могуць адчуць сябе пачаткоўцамі ў арміі.
У летніку дзятва праходзіць імправізаваны курс маладога байца. Ваеннаслужачыя вучаць іх запраўляць ложак, разбіраць і збіраць аўтамат, арганізуюць заняткі ў паветрана-дэсантным комплексе, праводзяць урокі ў камп'ютарным класе. Тут жа вучаць прыцэльвацца і страляць па мішэнях.
Школьнікі наведаюць ваенны музей, дзе будуць паказвацца фільмы ваенна-патрыятычнай тэматыкі. З дзецьмі сустрэнецца і святар царквы, якая знаходзіцца на тэрыторыі брыгады. Кожны дзень з раніцы да дзвюх гадзін дня будзе насычаны мерапрыемствамі.
Змена ў летніку пачалася цырымоніяй падняцця Дзяржаўнага сцяга, што даверылі зрабіць юным віцяблянам. Выступіў ваенны духавы аркестр, разведчыкі паказалі клас падрыхтоўкі: хлопцы разбівалі пліты, не баяліся ляжаць на цвіках, шкле, а адзін з вайскоўцаў падняў парту зубамі.
Школьнікам паказалі казармы, дзе жывуць ваеннаслужачыя, дазволілі выпрабаваць сябе ў ролі днявальных. Дзеці дакрануліся да вайсковых будняў і акунуліся ў жыццё адной з самых элітных армейскіх брыгад на тэрыторыі Еўропы. Тут служаць найлепшыя з найлепшых.
Паводле слоў намесніка камандзіра па ідэалагічнай рабоце 103-й асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгады гвардыі падпалкоўніка Дзяніса Крывянцова, падчас работы летніка ўлічваецца ўзрост часовых «байцоў». Заняткі праводзяцца ў забаўляльнай форме, каб дзецям было цікава і яны не стамляліся. Але лагерная змена вельмі карысная, бо навыкі праз некалькі гадоў спатрэбяцца хлопчыкам — будучым салдатам. Ды і дзяўчаты-кантрактніцы сёння не рэдкасць у арміі.
У размове дзеці эмацыянальна дзяліліся ўражаннямі. Некаторыя ў летніку бавяць час ужо не першы год, і гэта ім не надакучыла. Расказвалі хлопчыкі і дзяўчынкі і пра сваякоў, якія служылі і ваявалі ў гады Вялікай Айчыннай і ў Афганістане.
Як паведаміла начальнік аздараўленчага лагера ваенна-патрыятычнага профілю "Патрыёт" Анжаліка Паўленка, супрацоўніцтва з ваеннымі вядзецца пастаянна. І не толькі летам.
У прыватнасці, за апошнія некалькі гадоў у розных мерапрыемствах удзельнічала каля тысячы вучняў і наведвальнікаў гурткоў па інтарэсах. Арганізоўваліся канцэртныя праграмы, спартыўныя спаборніцтвы, творчыя конкурсы, прэзентацыі навукова-практычных работ на ваенную тэматыку, выстаўкі дзіцячай тэхнічнай творчасці... На ўсе мерапрыемствы запрашаюцца прадстаўнікі ваеннага камісарыята, прадстаўнікі ДТСААФ, ветэраны Узброеных сіл.
Усе воінскія фарміраванні стараюцца як мага больш актыўна супрацоўнічаць з установамі адукацыі. У віцебскіх вайскоўцаў гэта атрымліваецца плённа.
Аляксандр ПУКШАНСКІ
Январь 2025 |
||||||
---|---|---|---|---|---|---|
Пн | Вт | Ср | Чт | Пт | Сб | Вс |
1 | 2 | 3 | 4 | 5 |
||
6 | 7 | 8 | 9 | 10 | 11 | 12 |
13 | 14 | 15 | 16 | 17 | 18 | 19 |
20 | 21 | 22 | 23 | 24 | 25 | 26 |
27 | 28 | 29 | 30 | 31 |